Беларуская старонка

 

 

 

Беларуская мова  дзяржаўная мова беларусаў.  Наша родная мова самая прыгожая і вельмі мілагучная. Яна – нібы спеў салаўя, нібы звон капелі ранняй вясной, нібы гук сярпа ў полі; яна цеплая, як матуліна пяшчота!

Паважаныя бацькі!

Прапануем вам і вашым дзецям адчуць смак роднай мовы ў новай рубрыцы «Беларуская старонка». З яе вы даведаецеся пра  святы і традыцыі беларускага народа, пра беларускі нацыянальны касцюм і прадметы хатняга ўжытку.

Мы пазнаёмім вас з творамі вуснай народнай творчасці і беларускіх аўтараў, якія можна выкарыстоўваць у штодзённых зносінах з дзецьмі. Гэтыя маленькія творы мастацтва дапамогуць адчуць прыгажосць і непаўторнасць роднай мовы, будуць спрыяць выхаванню павагі да свайго народу, далучаць Вашых дзяцей да непаўторнага свету фальклору і паэзіі.

"ВЯСЁЛКА" - ЧАСОПIС ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ

НАРОДНЫЯ КАЗКI ДЛЯ ДЗЕТАК

ФОТОЭНЦИКЛОПЕДИЯ БЕЛАРУСИ

 

Роля беларускай мастацкай літаратуры ў развіцці дашкольнікаў

Дарослы ведае, што кніга не толькі вучыць, развівае і выхоўвае дзіця, яна абуджае ў маленькім чалавеку самыя разнастайныя творчыя пачаткі, яна дапамагае дзіцячай фантазіі здабыць багатую вобразнасць і ўнутраны сэнс.

Дзіця не можа не гуляць, не выдумляць, не складаць. Гэта непазбежна, гэта яго спосаб пранікнення ў рэальную рэчаіснасць. Але што менавіта ён выдумляе? Як складае і чаму складае менавіта гэта? Якія маральныя і эстэтычныя прычыны праяўляюцца ў дзіцячай гульні, якая патроху, часцяком незаўважна для самога дзіцяці, становіцца яго сапраўдным жыццём? Свет чытання, свет кнігі з яе літаратурнымі і графічнымі выявамі, дапамагае даросламу насыціцца і накіраваць дзіцячае ўяўленне. Кніга падае дзіцяці прыклад творчасці, прыклад творчага стаўлення да рэальнага часу. Менавіта тут, на кніжнай старонцы, малыя сустракаюць упершыню гарманічнае адлюстраванне рэчаіснасці. Кніжка распавядае самае галоўнае, паказвае самае прыгожае.

Ёсць у дзіцячай літаратуры розныя кнігі: вясёлыя і сумныя, але яны заўсёды жыццесцвярджальныя. Таму дзеці не могуць не любіць кнігу, таму радуюцца кнізе, як святу. А дарослыя павінны падрыхтаваць гэтую радасць, дапамагчы дзіцяці зразумець, адчуць кнігу ва ўсёй яе паўнаце.

Да нейкага ўзросту дзеці жывуць у казцы, як раўнапраўныя члены казачнага свету. І гэта натуральна, таму што казка блізкая і сугучная іх светаадчуванню. У самым пачатку жыцця яна сустракае дзяцей фантастычнымі вобразамі, займальнымі прыгодамі, маляўнічасцю і яркасцю свайго свету. Уся гэтая свежасць, чысціня, напеўнасць, гарманічная цэласць казкі служаць для маленькіх першым штуршком да развіцця фантазіі, мыслення, творчасці. Прастата і прыгажосць казачных герояў і іх учынкаў неабходныя дзіцячай свядомасці як першае адлюстраванне свету, сапраўдных чалавечых адносін у чыстым люстэрку сапраўднага мастацтва.

У кожнай казцы пракладзена мяжа паміж Дабром і Злом. Яны непрымірымыя ворагі, яны знаходзяцца ў адвечнай барацьбе. І ў гэтым проціборстве заўсёды перамагае Дабро, заўсёды перамагае справядлівасць. Гэтая ідэя перамогі Дабра над Злом заўсёды пераканаўчая, таму што выношвалася і нараджалася разам з узнікненнем свядомасці людзей і ўдасканальвалася разам з яго развіццём, таму што працятая верай і надзеяй усяго чалавецтва ва ўрачыстасць добрых спраў. А вера гэтая падмацавана часам. Менавіта таму такая моцная казка і менавіта таму дзеці так вераць у яе. У амаль любой народнай казцы ўсё падпарадкоўваецца толькі дасканалым законам чалавечага быцця, тым ідэалам, якія прайшлі праверку многіх пакаленняў людзей, выкрышталізаваліся, сталі агульначалавечымі. І дзецям лёгка прыняць гэтыя ідэалы, лёгка пагадзіцца з заканамернасцю.

Вельмі важна для дзяцей, што ў казцы герой, які ўвасабляе дабро, заўсёды станоўчы. Гэта ці непераможны волат, які абараняе свой народ, ці проста чалавек, які перамагае зло розумам, мудрасцю і знаходлівасцю. У любым выпадку, станоўчага героя адрозніваюць розум, прыгажосць, умелыя рукі, альбо добрае чараўніцтва, а адмоўнага зло, пачварнасць і падступнасць. Таму дзеці любяць казачных герояў, вераць ім і пераносяць гэтую веру і любоў са свету казачнага ў свет рэальны.

Дзякуючы казцы, дзеці пачынаюць ўсведамляць найгалоўнейшыя ісціны чалавечага жыцця. Казка дапамагае фармаваць асновы маральнасці, маралі, па законах якой ім трэба будзе жыць. Тая самая простая, найпростая казка, якую мы, стаўшы дарослымі, пачынаем лічыць дзіцячай забавай.

Чытайце з дзецьмі як мага больш, а галоўнае пагаварыце, пра што прачыталі!

 

свернуть

Як пачаць размаўляць па-беларуску

Простыя парады:

1. Пазбаўцеся страхаў

Беларусы, якія не вырашаюцца перайсці на беларускую, часцей за ўсё маюць 1001 прычыну для гэтага. Вось некаторыя з іх:

А. Я кепска размаўляю па-беларуску, таму лепш не псаваць сваімі памылкамі гэтую цудоўную мову. – Ніводная нацыя ў свеце не размаўляе на літаратурнай мове! Нават беларускія пісьменнікі кожны мае “свой варыянт” мовы, з дамешкамі і рэгіянальнымі асаблівасцямі.

Б. Я з дзяцінства размаўляю па-расейску, мая сям’я расейскамоўная. – Уявіце, што з такімі перакананнямі вам давялося б пераехаць жыць у Францыю ці Амерыку. Таксама б працягвалі?

В. Гэта мёртвая мова, ніхто ў горадзе на ёй не гаворыць. – Вы маеце шанс стаць першым! І прыкладам для іншых гараджанаў – калі яны не пачнуць тут жа размаўляць, то прынамсі задумаюцца.

Г. Гэта мова калхозу і апазіцыі. – Вы адсталі ад трэнду! Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця! Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна, годна і модна!

2. Папаўняйце свой слоўнікавы запас

Пачніце з пасіўных спосабаў: чытайце кнігі, глядзіце агучаныя па-беларуску фільмы, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, усталюйце на кампутары праграмы з беларускім інтэрфейсам. На сайтах, дзе гэта дасяжна, пераключайцеся на беларускую мову. Тое самае – з банкаматамі, інфакіёскамі і г.д.

3. Пішыце па-беларуску

Калі вам складана пачаць размаўляць – пачніце з пісьмовай мовы. Мэйлы, эсэмэскі, паведамленні ў інтэрнэце, допісы ў сацсетках. Пры гэтым вы маеце час абдумаць напісанае, зазірнуць у слоўнік (slounik.org). Вашыя знаёмыя пачнуць звыкацца да вас беларускамоўнага, а вы знойдзеце новых беларускамоўных знаёмых.

4. Звяртайцеся па-беларуску да незнаёмцаў

Псіхалагічны бар’ер прасцей за ўсё пераадолець з незнаёмымі людзьмі, якіх вы бачыце першы і апошні раз: прадавачка ў краме, кіроўца маршруткі, мінак на вуліцы. Гэта прасцей, чым адразу пачаць размаўляць па-беларуску з бацькамі ці сябрамі, з якімі ўсё жыццё вы гутарылі па-расейску.

5. Наведвайце беларускія імпрэзы

Чуць жывую мову – вельмі важна, каб хутчэй авалодаць ёй самому. Да таго ж, на такіх імпрэзах вы можаце здабыць новыя знаёмствы – і пашырыць свой беларускамоўны асяродак. Яшчэ адзін спосаб – вандроўкі з беларускамоўнымі экскурсаводамі і краязнаўцамі.

6. Пачніце ўжываць мову ў побыце

Спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклых вам асяродках. Будзьце гатовыя тлумачыць зноўку і зноўку людзям прычыны такога пераходу. Прасіце падтрымаць вас у гэтым. Памятайце, што расейскамоўныя беларусы цудоўна вас разумеюць, калі вы звяртаецеся да іх па-беларуску. Старайцеся размаўляць павольна і прыгожа – каб суразмоўцам было яшчэ прасцей разумець вас. Гэта яшчэ болей прыхіне людзей да вас.

7. Набярыцеся цярпення

Для таго, каб пачаць не толькі размаўляць, але і думаць, сніць сны па-беларуску, вам спатрэбіцца час. Але мэта таго вартая, бо разам з моваю вам адкрыецца ўнікальны беларускі сусвет!

свернуть

Вучымся разам з дзецьмі гаварыць па-беларуску!

 

Родная мова, якой авалодваюць дзеці ў зносінах з дарослымі, з'яўляецца галоўным сродкам засваення імі культуры свайго народа, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. У родным слове, па сцвярджэнні вялікага рускага педагога К. Д. Ушынскага, народ клапатліва захоўвае "ўвесь след свайго духоўнага жыцця". Матчына мова, мова бацькоў, продкаў з'яўляецца і сродкам, і зместам духоўнага развіцця асобы чалавека.

Большасць дашкольнікаў у нашай рэспубліцы выхоўваецца ў рускамоўных сем'ях, а яшчэ значная частка ў сем'ях, дзе размаўляюць на так званай "трасянцы" – сумесі беларускай і рускай моў. Гэта прыводзіць да ўзнікнення з'явы інтэрферэнцыі – "засметчанасць" мовы: пранікнення ў рускае маўленне беларусізмаў, а ў беларускае – русізмаў. Напрыклад, гаворачы па-руску, ужываюць беларускія словы (сварила бурак), граматычныя формы, уласцівыя беларускай мове (гулять с папам), дапускаюць арфаэпічныя і фанетычныя памылкі (рымень, дзевачка). Часта дзеці параллельна ўжываюць агульныя па значэнні словы абедзвюх моў (кукла і лялька, сапожки і боты, картинка і малюнак, играть і гуляць і інш.)

Паколькі адсутнічае граматнае беларускамоўнае асяродзе, у якім нашы дзеці маглі б самастойна засвойваць нормы і правілы маўлення, дарослыя павінны спецыяльна арганізоўваць  мэтанакіраванае навучанне дзяцей беларускай мове праз даступныя віды дзіцячай дзейнасці.

        

Давайце разам падумаем, як зацікавіць дзіця, каб яму захацелася гаварыць на роднай мове!

свернуть

Тата, мама, давайце гуляць па-беларуску!

 

 

(кансультацыя для бацькоў)

 

Часцей за ўсё бывае так: дзіця ідзе ў першы клас, а не толькі не ведае беларускай мовы, але, нават, ніколі  і не чула яе меладычнасці і чысціні. Бацькі з жахам садзяцца з сынам, або з дачкой рабіць дамашнюю работу па беларускай мове і адчуваюць, што ахапіць неахопнае адразу не атрымліваецца. Згублены нейкі перыяд часу, калі можна было далучаць дзіця да роднай мовы яшчэ з маленства. Што рабіць? Плаціць грошы рэпетытарам, альбо ёсць іншы варыянт рашэння праблемы? Прапануем маладым бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.

Па-першае, калі ваша дзіця наведвае ўстанову дашкольнай адукацыі, то вы павінны ведаць, што існуюць заняткі на беларускай мове. На іх рэалізуюцца задачы адукацыйных галін “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” і “Мастацкая літаратура” вучэбнай праграммы дашкольнай адукацыі. Назначаецца адзіны дзень маўлення па-беларуску (у нас гэта чацвер), калі з раніцы і да вечара дзеці чуюць беларускую мову ў садку і самі спрабуюць на ёй размаўляць.  Акрамя таго, дашкольнікаў знаёмяць з культурай беларускага народу,  яго святамі, традыцыямі, абрадамі, рамёсламі. Вось вам і першая ступень адукацыі маленькіх беларусаў.

А далей бацькам трэба развіваць дзіця самастойна ў сям’і. З чаго пачаць? Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове.

Затым звярніцеся да збораў ў садок у гульнёвай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малому. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.

На кухне няхай маці пазаве дачушку гатаваць ежу па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.

Ідучы па вуліцы з маленькім грамадзянінам Беларусі, раскажыце яму аб помніках архітэктуры вашага горада, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэвы ў парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся,  хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе ў школу, вы ўбачыце, што нездарма бавілі  з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.

Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу і добрых вам з дзецьмі гульняў па-беларуску. 

свернуть